FIDH выказвае шкадаванне з нагоды таемнага расстрэлу двух асуджаных да смяротнага пакарання ў Беларусі

01/12/2016
Communiqué
en es fa ru ru

Згодна з інфармацыяй, атрыманай нашай сяброўскай арганізацыяй у Беларусі, Праваабарончым цэнтрам “Вясна”, у апошні час у Беларусі ва ўмовах сакрэтнасці расстраляныя два чалавекі, асуджаныя да смяротнага пакарання - Іван Кулеш і Сяргей Хмялеўскі. Паводле беларускага заканадаўства, дата выканання не паведамляецца грамадскасці. Сёлета ў Беларусі смерцю былі пакараныя тры чалавекі. Усе расстрэлы адбыліся пасля таго, як ЕС адмяніў у лютым 2016 года абмежавальныя захады, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі за парушэнні правоў чалавека.

FIDH выказвае шкадаванне з нагоды расстрэлаў, паколькі выступае за глабальную адмену смяротнага пакарання. Акрамя таго, як паведамляецца ў сумесным дакладзе FIDH і ПЦ “Вясна” “Смяротнае пакаранне ў Беларусі: Забойства на (не)законных падставах”, апублікаваным у кастрычніку 2016 года, прымяненне смяротнага пакарання ў Беларусі суправаджаецца цэлым шэрагам сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека на кожным этапе судовага разбіральніцтва.

У дакладзе нашы арганізацыі асудзілі атмасферу сакрэтнасці, якая атачае прымяненне смяротнага пакарання ў Беларусі: сем’ям асуджаных да смяротнага пакарання не паведамляюць загадзя пра дату пакарання, цела не выдаецца, а месца пахавання трымаецца ў сакрэце. Расстрэл Івана Куляша і Сяргея Хмялеўскага, такім чынам, парушае правы членаў іх сем’яў, у адпаведнасці з некалькімі рашэннямі ААН па справах, звязаных з смяротным пакараннем у Беларусі.

Беларусь з’яўляецца апошняй і адзінай краінай, якая захоўвае смяротнае пакаранне ў Еўропе. ЕС павінен рашуча выступіць за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі або за ўвядзенне мараторыя ў якасці першага кроку да яго адмены, пры гэтым апошняе патрабаванне павінна фарміраваць палітыку ЕС ў дачыненні да Беларусі.

Гл. больш падрабязную інфармацыю пра расстрэлы Сяргея Хмялеўскага і Івана Куляша.

Lire la suite